375gnu

Archive for Студзень, 2010|Monthly archive page

Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы Міколы Савіцкага

In слоўнікі, translation on Студзень 3, 2010 at 22:48

Сёньня загрузіў кніжачку ў pdf: Мікола Савіцкі, «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы», Мн, Энцыклапедыкс, 2009, ISBN 978-985-6742-83-8.

Як сказана ў анатацыі: «Мэта слоўніка – спрыяць замацаванню беларускай тэрміналогіі па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы ў навуковай літаратуры і навучальным працэсе.» Вось так, ні больш, ні менш. Ёсьць у кніжачкі й рэцэнзэнты, іх двое, але нам важны зь іх толькі першы: прафэсар БДПУ, к.ф.-м.н. Язэп Стэпановіч, які зьяўляецца старшынём тэрміналяґічнай камісіі ТБМ. Сам аўтар таксама працуе ў гэтай камісіі. Раз ТБМ, то, напэўна, гаўна ня будзе.

Не пасьпеў яшчэ як сьлед прагледзець слоўнік, толькі зірнуў на прадмову, а ўжо стала зразумела, што гэта ня слоўнік, а «слоўнік». Абавязковая цытата з Купалы, якая ж інфарматыка без Купалы?! І патасны загаловак «Мова без ужытку асуджана спачатку на заняпад, потым – на забыццё, а нацыя – на выміранне». Карацей чарговая «адраджэнская» непатрэбшчына, якая б прайшла цалкам незаўважанай мною, калі ня быў я крыху заангажаваны ў перакладніцкую дзейнасьць.

І хоць прадмовы было дастаткова, каб скласьці ўяўленьне пра якасьць «слоўніка», але я крыху прагартаў яго, бо калі й крытыкаваць, дык за справы, а не за словы (хаця ў гэтым выпадку справы гэта словы). Такім чынам, вось што з гэтага атрымалася:

  • Аўтар яўна не сябруе зь лёґікай. Цытата: «Першая (задача слоўніка) – паказаць і даказаць, што на беларускай мове распрацавана навуковая тэрміналогія па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы… Гэты слоўнік з’яўляецца асабістым 12-ці гадовым досведам выкладання…» Ён бы вызначыўся, ці гэта сапраўды тэрміналёгія, якая ўжываецца ў мове, ці «адсябеціна».

  • Аўтар яўна камплексуе з-за свае белмовы, яму патрэбна кожны дзень падкрэсьліваць «самадастатковасць беларускай мовы і яе самастойнасць сярод развітых моў свету», таму «на рускай мове тэрміны не прыведзены асэнсавана». Шчыра кажучы, калі б я размаўляў на мове аўтара, якая толькі нагадвае белмову, я б таксама камплексаваў. 🙂

  • Проста прыклад чарговага адраджэнства: «Канкатэнацыя (concatenation) – аперацыя паслядоўнага злучэння элементаў у адзін ланцужок, напрыклад з двух сімвальных радкоў “Жыве” і “Беларусь!” саставіць адзін – “Жыве Беларусь!”»

  • «Кампáкт-дыск з многакрáтным запісам (Compact Disk Read/Erasable, CD-R/E ён жа CD-RW) — на такі дыск можна запісваць і сціраць многакратна.» Ніхто не падкажа, на якой гэта мове: «многакратна»? Таксама хацелася б ведаць паходжаньне словаў «Дэкадзёр», «Модэм», «Модэратор», «Пóрча», «Па ўмаўчáнні», «Фармацёр».

  • Процьма проста памылак: «Дынамічнае хэшавáнне (dynamic hashing) — метад хешавання» (у адным сказе!), «дысасэмблер», «азбука Бройля», гэта з усяго толькі дзьвюх старонак. Але ж гэта й ня дзіва, імя карэктара анідзе не пазначана.

  • Зрабіў для сябе шмат адкрыцьцяў тэхнічнага пляну, напрыклад, стэк працуе паводле альґарытму “апошні ўвайшоў – першы выйшаў”.

  • «Мыш прымяняецца ў прафесійных настольных персанальных кампутарах.» А я-та думаю, чаму на ноўтах няма мышэй!

  • А вось адкрыцьцё з галіны фізыкі: «Напрýжанне змéннага тóку (volts alternating current) – мера напружання зменнага электрычнага сігналу. Зменны ток па сваёй прыродзе не мае пастаяннага напружання, сігнал хістаецца паміж +10 і –10 Вольт.» Хіба ён п’яны, гэты ток, што хістаецца туды-сюды? Але ж за рамкі прыстойнасьці не выходзіць, трымаецца ў рамках ад +10 да -10, а вось у мяне ў разетцы, напэўна, нейкі няправільны ток…

  • Калі вы яшчэ ня лічыце, што Інтэрнэт прыдумаў Біл Гейц, то ведайце: «Мóва абазначэння гіпертэксту (hyper text markup language) – сродак аперацыйнай сістэмы Windows, прызначаны для стварэння старонак на серверах Internet».

  • Аўтар не саромеецца даваць карысныя парады: «Набóр нумара (dialup) – метад сувязі з аддаленым кампутарам па тэлефоннай лініі праз мадэм. Трэба набраць нумар, калі звяртаемся да іншага тэлефона. Пажадана карыстацца паролем, каб пазбегнуць перахвату зламыснікамі.» Не карыстайцеся «беспаролам», а то зламысьнікі «перахвацяць»!

  • Пра розныя друкарскія памылкі (няправільныя працяжнікі, няправільна зробленыя націскі (лацінскія літары з гачкамі), і т.п.) я маўчу.

Неяк даўным-даўно чытаў я адну расейскую газэціну, дзе пісалі як цяжка жывецца ўкраінскім студэнтам: яны, нават тэхнары, вымушаныя вучыцца па-ўкраінску! Калі ўкраінскую тэхнічную тэрміналёґію распрацоўвалі іхныя аналяґі ТБМ-скай тэрміналяґічнай камісіі, то мне таксама шкада тых студэнтаў.

І мне зусім ня хочацца, каб зьдзейсьнілася мара аднаго з рэцэнзэнтаў: «Безумоўна, у будучым, калі беларуская мова запануе паўсюдна і стане адзіным афіцыйным сродкам зносінаў у Беларусі, “Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы” стане настольнай кнігай многіх студэнтаў і выкладчыкаў» (я гэта не пра панаваньне белмовы, а пра настольную кнігу, калі хто не зразумеў). Бо пасьля такіх кніжак словы лукі, што беларускай тэрміналёґіяй сорамна карыстацца, ці кпіны кшталту «а вы знаете, что по-белорусски перпендикуляр — тарчок» ужо не выглядаюць шавінісцкім ідыятызмам. Пакуль мы маем час і магчымасьці каб у мове зьявілася адэкватная тэрміналёґія, так што бяром праґрамы й перакладаем,перакладаем, перакладаем! (Толькі «перакладчыка» Мазілаўскіх праґрам трэба злавіць і папулярна патлумачыць, што ён ня мае рацыі. А яшчэ перасадзіць «змагароў» з «адраджэнцамі» з іґолкі MS на свабодныя праґрамы.)

P.S.: Але ж ёсьць у гэтай бочцы гаўна й лыжка сочыва: «Хáкер (hacker) – праграміст вельмі высокага ўзроўню, які выдатна валодае многімі мовамі праграмавання, выдатна ведае асаблівасці работы апаратнага забеспячэння і аперацыйных сістэм. У СМІ слова “хакер” ужываецца з адмоўным падтэкстам. Яго ўспрымаюць як зламысленніка, які здзяйсняе несанкцыянаваны доступ да рэсурсаў інфармацыйных сетак з мэтай крадзяжу, скажэння альбо знішчэння інфармацыі. Кампутарны хуліган-паляўнічы за сакрэтнай інфармацыяй у сетцы Інтэрнэту. На самай справе ў асяроддзі такіх людзей называюць крэкерамі (cracker). Сапраўдны хакер ніколі нічога не разбурае – ён толькі стварае. Інтэрнэт, большасць пратаколаў Інтэрнэт і іншае прыдумалі хакеры.»