375gnu

Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы Міколы Савіцкага

In слоўнікі,translation on Студзень 3, 2010 at 22:48

Сёньня загрузіў кніжачку ў pdf: Мікола Савіцкі, «Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы», Мн, Энцыклапедыкс, 2009, ISBN 978-985-6742-83-8.

Як сказана ў анатацыі: «Мэта слоўніка – спрыяць замацаванню беларускай тэрміналогіі па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы ў навуковай літаратуры і навучальным працэсе.» Вось так, ні больш, ні менш. Ёсьць у кніжачкі й рэцэнзэнты, іх двое, але нам важны зь іх толькі першы: прафэсар БДПУ, к.ф.-м.н. Язэп Стэпановіч, які зьяўляецца старшынём тэрміналяґічнай камісіі ТБМ. Сам аўтар таксама працуе ў гэтай камісіі. Раз ТБМ, то, напэўна, гаўна ня будзе.

Не пасьпеў яшчэ як сьлед прагледзець слоўнік, толькі зірнуў на прадмову, а ўжо стала зразумела, што гэта ня слоўнік, а «слоўнік». Абавязковая цытата з Купалы, якая ж інфарматыка без Купалы?! І патасны загаловак «Мова без ужытку асуджана спачатку на заняпад, потым – на забыццё, а нацыя – на выміранне». Карацей чарговая «адраджэнская» непатрэбшчына, якая б прайшла цалкам незаўважанай мною, калі ня быў я крыху заангажаваны ў перакладніцкую дзейнасьць.

І хоць прадмовы было дастаткова, каб скласьці ўяўленьне пра якасьць «слоўніка», але я крыху прагартаў яго, бо калі й крытыкаваць, дык за справы, а не за словы (хаця ў гэтым выпадку справы гэта словы). Такім чынам, вось што з гэтага атрымалася:

  • Аўтар яўна не сябруе зь лёґікай. Цытата: «Першая (задача слоўніка) – паказаць і даказаць, што на беларускай мове распрацавана навуковая тэрміналогія па інфарматыцы і вылічальнай тэхніцы… Гэты слоўнік з’яўляецца асабістым 12-ці гадовым досведам выкладання…» Ён бы вызначыўся, ці гэта сапраўды тэрміналёгія, якая ўжываецца ў мове, ці «адсябеціна».

  • Аўтар яўна камплексуе з-за свае белмовы, яму патрэбна кожны дзень падкрэсьліваць «самадастатковасць беларускай мовы і яе самастойнасць сярод развітых моў свету», таму «на рускай мове тэрміны не прыведзены асэнсавана». Шчыра кажучы, калі б я размаўляў на мове аўтара, якая толькі нагадвае белмову, я б таксама камплексаваў. 🙂

  • Проста прыклад чарговага адраджэнства: «Канкатэнацыя (concatenation) – аперацыя паслядоўнага злучэння элементаў у адзін ланцужок, напрыклад з двух сімвальных радкоў “Жыве” і “Беларусь!” саставіць адзін – “Жыве Беларусь!”»

  • «Кампáкт-дыск з многакрáтным запісам (Compact Disk Read/Erasable, CD-R/E ён жа CD-RW) — на такі дыск можна запісваць і сціраць многакратна.» Ніхто не падкажа, на якой гэта мове: «многакратна»? Таксама хацелася б ведаць паходжаньне словаў «Дэкадзёр», «Модэм», «Модэратор», «Пóрча», «Па ўмаўчáнні», «Фармацёр».

  • Процьма проста памылак: «Дынамічнае хэшавáнне (dynamic hashing) — метад хешавання» (у адным сказе!), «дысасэмблер», «азбука Бройля», гэта з усяго толькі дзьвюх старонак. Але ж гэта й ня дзіва, імя карэктара анідзе не пазначана.

  • Зрабіў для сябе шмат адкрыцьцяў тэхнічнага пляну, напрыклад, стэк працуе паводле альґарытму “апошні ўвайшоў – першы выйшаў”.

  • «Мыш прымяняецца ў прафесійных настольных персанальных кампутарах.» А я-та думаю, чаму на ноўтах няма мышэй!

  • А вось адкрыцьцё з галіны фізыкі: «Напрýжанне змéннага тóку (volts alternating current) – мера напружання зменнага электрычнага сігналу. Зменны ток па сваёй прыродзе не мае пастаяннага напружання, сігнал хістаецца паміж +10 і –10 Вольт.» Хіба ён п’яны, гэты ток, што хістаецца туды-сюды? Але ж за рамкі прыстойнасьці не выходзіць, трымаецца ў рамках ад +10 да -10, а вось у мяне ў разетцы, напэўна, нейкі няправільны ток…

  • Калі вы яшчэ ня лічыце, што Інтэрнэт прыдумаў Біл Гейц, то ведайце: «Мóва абазначэння гіпертэксту (hyper text markup language) – сродак аперацыйнай сістэмы Windows, прызначаны для стварэння старонак на серверах Internet».

  • Аўтар не саромеецца даваць карысныя парады: «Набóр нумара (dialup) – метад сувязі з аддаленым кампутарам па тэлефоннай лініі праз мадэм. Трэба набраць нумар, калі звяртаемся да іншага тэлефона. Пажадана карыстацца паролем, каб пазбегнуць перахвату зламыснікамі.» Не карыстайцеся «беспаролам», а то зламысьнікі «перахвацяць»!

  • Пра розныя друкарскія памылкі (няправільныя працяжнікі, няправільна зробленыя націскі (лацінскія літары з гачкамі), і т.п.) я маўчу.

Неяк даўным-даўно чытаў я адну расейскую газэціну, дзе пісалі як цяжка жывецца ўкраінскім студэнтам: яны, нават тэхнары, вымушаныя вучыцца па-ўкраінску! Калі ўкраінскую тэхнічную тэрміналёґію распрацоўвалі іхныя аналяґі ТБМ-скай тэрміналяґічнай камісіі, то мне таксама шкада тых студэнтаў.

І мне зусім ня хочацца, каб зьдзейсьнілася мара аднаго з рэцэнзэнтаў: «Безумоўна, у будучым, калі беларуская мова запануе паўсюдна і стане адзіным афіцыйным сродкам зносінаў у Беларусі, “Тлумачальны слоўнік па інфарматыцы” стане настольнай кнігай многіх студэнтаў і выкладчыкаў» (я гэта не пра панаваньне белмовы, а пра настольную кнігу, калі хто не зразумеў). Бо пасьля такіх кніжак словы лукі, што беларускай тэрміналёґіяй сорамна карыстацца, ці кпіны кшталту «а вы знаете, что по-белорусски перпендикуляр — тарчок» ужо не выглядаюць шавінісцкім ідыятызмам. Пакуль мы маем час і магчымасьці каб у мове зьявілася адэкватная тэрміналёґія, так што бяром праґрамы й перакладаем,перакладаем, перакладаем! (Толькі «перакладчыка» Мазілаўскіх праґрам трэба злавіць і папулярна патлумачыць, што ён ня мае рацыі. А яшчэ перасадзіць «змагароў» з «адраджэнцамі» з іґолкі MS на свабодныя праґрамы.)

P.S.: Але ж ёсьць у гэтай бочцы гаўна й лыжка сочыва: «Хáкер (hacker) – праграміст вельмі высокага ўзроўню, які выдатна валодае многімі мовамі праграмавання, выдатна ведае асаблівасці работы апаратнага забеспячэння і аперацыйных сістэм. У СМІ слова “хакер” ужываецца з адмоўным падтэкстам. Яго ўспрымаюць як зламысленніка, які здзяйсняе несанкцыянаваны доступ да рэсурсаў інфармацыйных сетак з мэтай крадзяжу, скажэння альбо знішчэння інфармацыі. Кампутарны хуліган-паляўнічы за сакрэтнай інфармацыяй у сетцы Інтэрнэту. На самай справе ў асяроддзі такіх людзей называюць крэкерамі (cracker). Сапраўдны хакер ніколі нічога не разбурае – ён толькі стварае. Інтэрнэт, большасць пратаколаў Інтэрнэт і іншае прыдумалі хакеры.»

  1. Ну як можна “разумнаму” чалавеку гэтак сябе ганіць? Па -першае спадар Савіцкі ня нейкі там хлапчук. Дый з хлапчукамі мусім абыходзіцца паважна ( гэта, канечне калі самі сябе паважаем).Дый калі аўтар зацемкі сам не хлапчук, дык падпісвацца трэба пад сваімі словамі…
    І потым! Па ўсім відаць Вы чалавек дасьведчаны ў тым пра што пішаце. Няўжо не захацелася проста быць удзячным чалавеку за зробленаю працу (а іх так многа)ды зьвязацца з ім, пазнаёміцца, дапамагчы.
    Некалі Караткевіч у размовах са мной, называў такіх “тутэйшых” – сьпінагрызамі.Даруйце.

  2. 1) Хлапчук, не хлапчук, але палез на сцэну, будзь гатовы да гнілых памідораў. Або воплескаў. Як пакажаш сябе.

    2) Маё імя мала што скажа людзям не знаёмым са мной асабіста, зь іншага боку, вызначыць яго не складана, усе свае пераклады я падпісваю.

    3) Нельга быць удзячным за няякасную працу. Адзіны спосаб дапамагчы — перарабіць наноў.

    4) Я нездарма падкрэсьліў прыналежнасьць аўтара й рэцэнзэнта да ТБМ.

  3. Dziakuj Bohu, spadar Savicki nia vielmi das’viedc”any va wsialakich tam internetach i nawrad ci daviedajecca pra hetki kamentar. Kaniec”nie, kali dabrazyc”liwcy nie dapamohuc’. Ale pry wsioj pavazie chaciel”asia b paz”adac’ awtaru trochi bolej karektnas’ci w vykazvan’niach. Paviercie, tak budzie lepiej. Koz”ny w niec”ym pamylajecca. Davajcie wsio z” uzhadvac’ pra pamylki, a nia hanic’ adzin druhoha. Nas nia tak s”mat, jak by nam chaciel”asia. A z’ ciaham c”asu budzie jas”c”e mieniej. Na z”al.

Leave a reply to Валеры Мазынскі Адмяніць адказ